Произведение «ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1-3»
Тип: Произведение
Раздел: По жанрам
Тематика: Фантастика
Автор:
Читатели: 424 +1
Дата:

ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1-3

3.
На першым курсе філфака ён быў адзіным хлопцам на ўсім чатырохгруповым патоку – што ж, не рваліся мужчыны ў педінстытут вывучаць мову і літаратуру. У групе 1 «Б», у якую быў залічаны Кірыл, вучыліся дваццаць шэсць дзяўчат. У іх ішло сваё жыццё, у якім Кірылу месца не было – ніводная з ягоных сакурсніцаў фактычна не ставілася да яго сур’ёзна: ён быў далёка не прыгажун, выглядаў малодшым за свой рэальны ўзрост, трымаўся замкнёна і не ўмеў размаўляць ні аб чым, апрача паэзіі. Сучасным дзяўчатам гэта, канечне ж, падабацца не магло. Да таго ж, у Кірыла ніколі не было грошай, а гэта значыла, што ад яго не варта чакаць ні запрашэння ў кіно, ні вячэры ў рэстаране, ні, тым больш, падарунка на дзень нараджэння.  Увогуле ж сакурсніцы ўспаміналі пра яго толкі тады, калі ім трэба было спісаць лябараторную працу або выпраіць памылкі ў сачыненні – пісьменнасць Кірыл меў бездакорную і ў дапамозе ніколі не адмаўляў. Толькі за гэта яго і цанілі – разумны і не зазнайка, аднак пра сур’ёзныя асабістыя адносіны з ім ніхто з дзяўчат не мог падумаць нават жартам – занадта несамавіты быў з Кірыла кавалер. Пра такога звычайна кажуць: «Ні з стану, ні з твару», адны мазгі і больш нічога вартага ўвагі. Так, Кірыл някепска вучыўся па ўсіх прадметах, але гісторыя КПСС яму не давалася, як не давалася і марксістска ленінская філясофія, у якой ён бачыў цэлую кучу лягічных недарэчнасцяў, і дзіўны курс пад назовам «Навука і практыка сацыялізму», мэтай якога, па сутнасці, было апраўдаць існаванне сацыялістычнай сістэмы на плянеце. Але навошта ж патрэбна сістэма, жадная апраўданню самога свайго існавання? Гэтага Кірыл таксама не разумеў.
Не, не, ён абсалютна шчыра стараўся вучыцца, добрасумленна зубрыў тое, што не паддавалася  лягічнаму асэнсаванню, пераконваў сябе не ставіцца крытычна да таго, што было ніжэйшым за ўсякую крытыку, і на семінарах проста адказваць даслоўна тое, што напісана ў падручніках. Але гэта не заўсёды ўдавалася, таму што ў жыцці ён прывык рабіць і гаварыць толькі тое, сэнс чаго разумеў. У выніку яму пастаянна даводзілася пераздаваць залікі, а значыць, і на павышаную стыпендыю ён прэтэндаваць ніяк не мог. Урэшце рэшт у яго адабралі і непавышаную. Як напісаць пра гэта бабулі, Кірыл уяўлення не меў.
Реклама
Реклама