2.
У той вечар пасля інстытуту ён не адразу паехаў дадому, а яшчэ доўга без усякай мэты хадзіў па вуліцах горада, апустошана не заўважаючы нічога навокал сябе. Галава ў яго таксама была пустая. Як жыць на пяцёрку дробнымі, што засталася ў ягонай кішэні, ён уяўлення не меў, ды, прызнацца, і не хацеў цяпер аб гэтым думаць. Канечне, можна было даць тэлеграму бабулі, і тая абавязкова наскрабла б для любімага ўнука рублёў дваццаць, нават калі б гэта былі апошнія грошы ў хаце. “Нічога, Кірычак, я і гародам пражыву”, – кожны раз суцяшала яго ў сваіх лістах старэнькая, але Кірыл добра ведаў, што значыць жыць гародам у шэсць соткаў, і таму ніякай тэлеграмы ніколі не паслаў бы. Заставаліся вершы – тыя самыя двухсэнсоўныя і няздарныя, якія ён не так даўно пакінуў у рэдакцыі адной гарадской газэты. Вершаў быў цэлы сшытак, і намеснік рэдактара абяцаў іх прачытаць. “Зайдзіце тыдні праз два, – сказаў ён Кірылу. – Я ўважліва азнаёмлюся і дам вам канчатковы адказ”.
У газэце выплачвалі ганарары. Два тыдні канчаліся заўтра, але заўтра была нядзеля, і, выходзіць, адказ Кірыл мог атрымаць не раней як у панядзелак.
Стаяў цудоўны зімовы вечар. Сцямнела па-лютаўску рана, і рэдкі пушысты снег, пралятаючы ў паветры, бліскаў у святле ліхтароў і аўтамабільных фараў. На вуліцах было мнагалюдна – суботні дзень, для шмат каго выхадны, клікаў насельніцтва ў крамы, каб запасціся ўсім неабходным на нядзелю, у якую большасць гандлёвых пунктаў была зачыненая. Нядаўна ўведзены сухі закон, у мэтах выканання якога ўжо пачалі высякацца элітныя вінаграднікі Малдавіі і Каўказу, фармаваў перад вінна гарэлачнымі і піўнымі кіёскамі калясальныя чэргі, што змяіліся ўздоўж будынкаў і гулі, як пчаліныя вуллі. Кірылу з тою колькасцю гатоўкі, якую ён меў, у крамах рабіць не было чаго. Дома яго чакаў пакет сухога малака, выкуплены на талёны, недаедзеная з учарашняга дня буханка хлеба, тры яйкі і паўкіло макароны. На такіх харчах ён мог сяк так праіснаваць тры дні. Падобнае ўжо здаралася. Пра далейшая ж думаць не было ніякага настрою.
Цяпер ён ужо вельмі шкадаваў, што незадоўга да Новага года прапанаваў свае вершы рэдактару інстытуцкай сценгазэты пяцікурсніку Мішку Прохараву. У паэзіі той нічога не кеміў, але, як і належыць пільнаму камсамольцу, словамі пра бледнага анёла адразу насцярожыўся і пабег па кансультацыю да Міколы Андрэевіча, доктара навук, прафесара, які меў рэпутацыю вялікага знаўцы літаратуры. Канечне, Кірыл павінен быў усё гэта прадбачыць. Ды ён, уласна кажучы, і прадбачваў, але, як у кожнага творчага чалавека, імкненне публікавацца ў яго было велізарнае, і ён стараўся выкарыстаць для гэтага любую магчымасць, хай нават такую, як сценгазэта, якую ў інстытуце ўсе студэнты між сабою называлі не іначай як фігавым лістком перабудовы. Не спешчаны ўвагай, Кірыл дагэтуль нідзе і ніколі не апублікаваў ніводнага свайго радка, марыў быць пачутым і заўважаным і таму стараўся не думаць аб магчымых непрыемнасцях. Цяпер ён, канечне ж, разумеў, што стыпендыі яго пазбавілі не столькі за гісторыю КПСС, колькі за бледнага анёла, у якім дэкан убачыў нейкія падкопы пад маналіт савецкай ідэалёгіі. Што ж, калі б фігавы лісток не адхіліў вершы Кірыла так безапеляцыйна, яму б і ў галаву не прыйшло аднесці свой сшытак у сапраўдную, сур’ёзную газэту. Але абражанае пачуццё паэта адыграла тут рашаючую ролю. Вядома ж, я – пачынаючы рыфмаплёт, думаў Кірыл, мне не хапае вопыту і майстэрства, але не можа ж быць, каб мае вершы былі аж такімі кепскімі! У выбранай ім газэце яму не раз трапляліся вершы, якія здаваліся яму значна горшымі за ягоныя ўласныя. Што ж, калі падобная пісаніна знаходзіць сабе месца на газэтных старонках, дык ягоныя вершы і пагатоў могуць быць надрукаванымі! Няўжо ж не? Гэта была жалезная лёгіка ўчарашняга школьніка, які з пятага класа пачаў рыфмаваць радкі і быў выхаваны на Цютчаве і сымбалістах простаю вясковаю настаўніцай, магчыма, якраз за сымбалістаў і сасланаю на працу ў глухмень. Менавіта ёй, любімай Ганне Ігараўне, Кірыл упершыню прачытаў свае паэтычныя спробы, менавіта ад яе пачуў першую пахвалу і першае прызнанне свайго таленту. Аб гэтым успаміналася з цеплынёю і ўдзячнасцю. Як пішуцца вершы і якія ў гэтай справе існуюць нормы і правілы – аб гэтым ён таксама даведаўся ад Ганны Ігараўны. Яе цёплы, утульны дом быў не проста напоўнены кнігамі да самага даху. Сярод выданняў, якія былі ў настаўніцы, можна было, як высветлілася, знайсці прыжыццёвыя публікацыі Блока, Брусава, Бальмонта – некаторыя нават з аўтографамі. Кірыл з хваляваннем браў іх у рукі, разглядаў размашыстыя напісы на карашках, і сэрца ягонае замірала ад захаплення, таму што гэта былі кнігі, да якіх у свой час дакраналіся сапраўдныя, вялікія паэты, чые імёны ён бачыў у школьных падручніках і чые творы завучваў на памяць. “Ты абавязкова павінен пісаць, Кірычак, – гаварыла Ганна Ігараўна. – Я не ведаю, ці наканавана табе стаць вядомым літаратарам, – гэта, канечне ж, будзе залежаць у многім і ад удачы. Але твае здольнасці несумненныя, і таму ні за што не пераставай складаць вершы. Цалкам магчыма, што твой час настане, і вельмі хутка”.
«Удача – вось чаго мне сапраўды не хапае...» – з сумнай усмешкай думаў Кірыл. І ўсё такі лічыць сябе закончаным няўдачнікам страшэнна не хацелася. «Вось ажанюся з багаценькай, – смяяўся ён часам сам з сябе, – тады ўсе дзверы перада мною адразу адчыняцца. Дзе грошы, там і ўдача – гэта ўжо аксіёма».
| Помогли сайту Реклама Праздники |