Произведение «ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1-10»
Тип: Произведение
Раздел: По жанрам
Тематика: Фантастика
Автор:
Читатели: 395 +1
Дата:

ЦЁМНЫ АНЁЛ. РАЗДЗЕЛ 1-10

10.

Апрача Кірыла, у палаце ляжалі два дзяды са зламанымі нагамі на расцяжках і пануры дзядзька з прыбінтаваным да цела плячом. Суседства было так сабе. Адзін дзед быў у абсалютнай дэпрэсіі і плакаў начамі – яму, здаецца, сказалі, што ён больш ніколі не зможа хадзіць. Другі трымаўся весялей – у яго з сабой была цэлая падшыўка часопіса «Вожык», і ён чытаў яе, дастаючы па адным часопісе з тумбачкі. Пануры дзядзька ўвесь час ляжаў у навушніках, уваткнутых у разетку на сцяне, і слухаў радыё, усім сваім выглядам паказваючы, што ні з кім не жадае размаўляць. Кірыл зразумеў, што яго чакаюць найнуднейшыя два тыдні – урач сказаў, што раней ні за што яго са шпіталя не выпіша, хаця Кірылу вельмі хацелася пайсці дадому як мага хутчэй.
На трэці дзень ягонага прабывання ў шпіталі да яго прыйшла Антаніна Язэпаўна.
– Насілу цябе знайшла, Кірычак, госпадзі божа мой! – развохкалася яна, убачыўшы яго забінтаваным. – Пайшоў і як у ваду кануў! У інстытуце нічога не ведаюць, у міліцыі таксама. Усе шпіталі абтэлефанавала, бог знае што падумала! Як жа гэта табе собіла?
Давялося Кірылу яшчэ раз расказаць казку аб тым, як ён паслізнуўся. Гучала гэта амаль па нікулінску. Заставалася яшчэ дадаць: «Очнулся – гипс». Пачуўшы, што ён упаў з эстакады, Антаніна Язэпаўна жахнулася.
– Вы толькі бабулі пра гэта не пішыце, – папрасіў Кірыл, – яна са страху звар’яцее. Я сам ёй потым паведамлю, калі адсюль выйду. А ў інстытут затэлефануйце, калі вам не цяжка, а то выключаць яшчэ за ненаведванне заняткаў...
Гаспадыня паабяцала выканаць ягоную просьбу і пайшла, пакінуўшы цэлы пакет піражкоў з ліверам. Кірыл паеў сам, пачаставаў суседзяў, і яму чамусьці раптам стала вельмі сумна. Чаму гэтая абсалютна чужая яму жанчына так клапацілася аб ім, шукала, тэлефанавала ўсюды? І той хлопчык... абсалютна незнаёмы, чужы хлопчык... Няўжо менавіта так і выглядаюць анёлы заступнікі, якія, як кажуць, ёсць у кожнага чалавека? Але калі ў кожнага, дык чаму тады не кожнага ратуюць? Вунь колькі ў свеце штодзень гіне самазабойцаў! А яго вось выратавалі, не дазволілі, падхапілі... Божа мой, якія ж гэта былі ўспанялыя крылы! Кірыл адчуваў, што будзе сніць іх да канца свайго жыцця.
Дагэтуль ён ніколі не задумваўся, ці верыць ён у Бога. Ягоная бабуля была веруючая і нават трымала на кухні абразок, але сам Кірыл, выхаваны савецкай школай па канонах марксізму ленінізму, ставіўся да рэлігіі абыякава. Бабуля таксама не прымушала яго маліцца, мяркуючы, што гэта – асабістая справа кожнага, а прымус ёсць разнавіднасць насілля і таму грэх. Цяпер у Кірыла паявілася нагода добра падумаць пра свой светапогляд. Аднак разабрацца ў сваіх думках і пачуццях аказалася не вельміта лёгка. Лежачы ноччу ў цемры, гледзячы на зоркі, што ўспыхвалі за акном, і слухаючы, як усхліпвае праз дрымоту няшчасны дзед, ён думаў аб белых крылах. Яму вельмі хацелася абмеркаваць з кім небудзь свае сумненні, але ён баяўся, што яго проста абсмяюць, калі ён наважыцца загаварыць аб нечым падобным.
І ўсё такі раніцой, пасля чарговага абходу і снедання, ён наважыўся. Дзед з «Вожыкам», які пасля ліверных піражкоў пачаў яўна цікавіцца Кірылам, здаўся яму самым падыходзячым для пачатку размовы.
– Як вы думаеце, а анёлы бываюць? – спытаў Кірыл пасля некалькіх дзяжурных фразаў, якія павінны былі служыць прадмовай да гаворкі.
Дзед адлажыў часопіс і паглядзеў на яго паверх акуляраў:
– А ты што, сектант, ці што?
– Чаму? – збянтэжана здзівіўся Кірыл. – Не.
– А а... – усміхнуўся дзед. – А то я падумаў быў, што ты прапаведаваць збіраешся.
Весці размову далей Кірылу адразу расхацелася. Яму стала страшэнна непрыемна, што яго вось так, без дай прычыны, палічылі за сектанта, і ён замоўк і апусціўся на падушку, пашкадаваўшы аб сваіх словах.
І тут нечакана пачуўся голас панурага дзядзькі:
– Бываюць анёлы. Я дакладна ведаю, што бываюць.
– Ды адкуль вам гэта ведаць, ды яшчэ дакладна? – зацікавіўся дзед з «Вожыкам». – Бачылі вы іх, ці што?
– Бачыць не бачыў, а ведаю, – прагудзеў дзядзька.
– Значыць, праўда, што ў кожнага чалавека ёсць свой анёл заступнік? – спытаў Кірыл, зноў прыўзняўшыся на ложку.
– Ёсць, але не ў кожнага, а толькі ў таго, хто заслугоўвае, – растлумачыў дзядзька.
– Як заслугоўвае?
– Як як... Калі, скажам, чалавек добры і патрэбны для чагосьці Пану Богу, дык ён пасылае да яго анёла заступніка, каб жыў чалавек пад ягонай абаронай доўга і шчасліва, і каб усё яму ўдавалася, і каб выканаў ён на зямлі нейкае сваё прызначэнне, без якога свет спакойна круціцца не зможа. Ну, а калі ты алкаш і ад цябе толькі беды ды слёзы людзям, дык не будзе табе ніякага анёла заступніка – жыві сам, як патрапіш.
– Не дурыце вы хлопцу галаву, – раптам умяшаўся ў размову дзед, што плакаў начамі. – Якія там анёлы! Яны вось якраз толькі алкашам і здаюцца ў белай гарачцы. Былі б анёлы, не ляжаў бы я тут бязногі...
– А ты чаму спытаў, хлопча? – пацікавіўся дзед з «Вожыкам».
– Сам не ведаю... – прамармытаў Кірыл разгублена. – Проста мне здалося, што, калі я падаў з эстакады, мяне выратаваў анёл, і таму я не загінуў.
– Усё можа быць, – сказаў пануры дзядзька, надзеючы свае навушнікі.
– Трэснешся галавой аб асфальт, дык не тых яшчэ анёлаў убачыш, – дабрадушна падсумаваў дзед з «Вожыкам» і зноў уткнуўся ў свой часопіс.
Зразумеўшы, што тэма размовы вычарпалася, Кірыл не стаў больш чапляцца да людзей. «Заслугоўваю... – думаў ён аб словах панурага дзядзькі. – Чым жа я лепшы за іншых? Каму ад мяне хоць якая небудзь карысць? Канечне, я не алкаш, але свет і без мяне круціўся б аніколькі не горай. Няправільна мяне выбралі, зусім няправільна. Лепш бы вось гэтаму беднаму дзеду дапамаглі. У яго ж, напэўна, дзеці, унукі, а ён начамі плача... Хіба гэта справядліва? Я нікому не патрэбны, а ім жа кепска будзе, калі ён сапраўды больш хадзіць не зможа...»
Реклама
Реклама